АРХЕАГРАФІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
навуковая ўстанова, створаная ў 1834 у Пецярбургу пры Мін-ве нар. асветы для выдання матэрыялаў археаграфічных экспедыцый. Створана як часовая, з 1837 пастаянная ўстанова для збору, апісання і выдання гіст. дакументаў. Выдавала зборнікі дакументаў па гісторыі Расіі, Беларусі, Літвы, Украіны, Каўказа 14—18 ст., у т. л. Поўны збор рускіх летапісаў, Акты гістарычныя, Акты Заходняй Расіі, Акты Паўднёвай і Заходняй Расіі. З 1872 выходзіла «Руская гістарычная бібліятэка», у 1862—1929 — «Летапіс заняткаў Археаграфічнай камісіі». У рабоце археаграфічнай камісіі ўдзельнічалі І.С.Анацэвіч, І.І.Грыгаровіч, М.І.Кастамараў, П.М.Строеў, М.І.Сямеўскі, А.А.Шахматаў і інш. З 1922 археаграфічная камісія ў складзе Акадэміі навук, у 1926 аб’яднана з Пастаяннай гіст. камісіяй АН СССР у Пастаянную гіст.-археаграфічную камісію, якая ў 1931 рэарганізавана ў Гіст.-археаграфічны ін-т. У 1956 пры аддзяленні гіст. навук АН СССР створана археаграфічная камісія, якая каардынавала археаграфічную дзейнасць ва ўстановах АН, выдавала «Археографический ежегодник». У 1864—1915 існавала Віленская археаграфічная камісія.
т. 1, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)